Вобраз Максіма Багдановіча у лірычных творах

Калі паміраюць паэты,
Што пры жыцці не гнуцца,
У чалавецтва прасветы
На ўсе вякі застаюцца.

А. Грачанікаў

Хай загадка твая
Застаецца загадкаю вечнай.

Л. Дранько-Майсюк

Намі было знойдзена 91 верш 80-ці беларускіх (а таксама ўкраінскіх і рускіх у беларускім перакладзе) паэтаў, у тым ліку творцаў беларускага замежжа і паэтаў-эмігрантаў (Н. Арсеннева, А. Барскі і інш.). Сярод аўтараў вершаў-прысвячэнняў 14 жанчын (18 %), астатнія мужчыны. Сярод іх як вядомыя паэты-класікі беларускай літаратуры, так і прозвішчы, якія мы сустракалі першы раз. Вельмі дапамагло ў нашым даследаванні выданне 1996-га года “У бязмежную даль”: кніга пра М. Багдановіча. Менавіта ў ім мы знайшлі большую частку матэрыялу. Але выкарыстоўвалі таксама і электронныя крыніцы.

Мы дапускаем і нават упэўнены, што гэта не ўсе вершы, прысвечаныя М.Багдановічу, аднак на дадзены момант даступнымі нашаму даследаванню аказаліся іменна гэтыя творы. Самыя раннія сярод аб’ектаў даследавання напісаны ў 10-20-ыя гады 20 стагоддзя адразу пасля смерці М.Багдановіча.

Фактычна, паэты прысвячалі свае вершы Багдановічу на працягу ўсяго 20 стагоддзя і працягваюць гэта рабіць і ў пачатку 21-га. Гэта гаворыць пра запатрабаванасць яго вобраза ў беларускай паэзіі, пра яго надзвычайную папулярнасць сярод аматараў беларушчыны і пра тое, што яго лёс вельмі кранае розумы і сэрцы творцаў на працягу немалога адрэзку часу.

Лёс М.Багдановіча – трагічны, поўны парадоксаў і загадак –сапраўды не можа не цікавіць і не хваляваць. Надзвычый кароткае, але насычанае 25-гадовае жыццё, падарванае бязлітаснымі сухотамі. Народжаны ў Мінску, асірацелы ў Гродне, вывезены пяцігадовым хлопчыкам з Беларусі, на доўгія гады адарваны ад матчынай мовы і бабуліных казак, малады чалавек вырашыў самастойна авалодаць роднай мовай сваіх продкаў, каб пасля ўзбагаціць яе і ўзняць на новы ўзровень.

Няшчаснае каханне. Няспраўджаныя надзеі, мары і жаданні. Смерць блізкіх. Страшная невылечная хвароба – сухоты. Памёр і пахаваны чужымі людзьмі ў Ялце, далёка ад роднай зямлі. Усё гэта было у яго жыцци. Магіла яго згубілася і была знойдзена толькі праз 10 год намаганнямі трох беларускіх паэтаў.

У першым жа творы “Музыка” пісьменнік узняў праблему прызначэння мастака ў грамадстве і яго ролі ў духоўным жыцці народа. Адзіным прыжыццёвым зборнікам стаў знакаміты “Вянок” 1913 года. Рыхтаваліся да выдання яшчэ 3 зборнікі… Сёння недалёка ад дома, дзе Макім Багдановіч нарадзіўся, стаіць помнік яму аўтарства С. Вакара.

Агульны настрой прааналізаваных намі вершаў – сумны, трагічны, журботны, жалобны. Асабліва ў вершах сучаснікаў паэта: ім найбольш цяжка было перажыць яго заўчасную смерць, бо яны ведалі яго асабіста. Але ёсць і выключэнні. У вершах У. Жылкі і А. Барскага гучаць думкі аб тым, што так і трэба было, што гэта не выпадковасць, а “трагічнае хараство”, якім былі прасякнуты ўсё жыццё паэта і нават яго смерць. Дарэчы, яшчэ невядома, ці прысвяцілі б Багдановічу столькі вершаў, калі б ён памёр у больш сталым узросце…