Вобраз Максіма Багдановіча у лірычных творах

Цікава, што ў многіх вершах, прысвечаных Максіму Багдановічу, выкарыстаны своеасаблівыя вобразы-сімвалы, узятыя з яго паэзіі: Пагоня. Вянок, васілёк, зорка Венера, страцім-лебедзь, слуцкія ткачыхі і інш.

Нямала вершаў прысвечана Літоўскай Пагоні. Гэты вобраз хвалюе беларускіх паэтаў і з’яўляецца для іх актуальным як у пачатку 20-га стагоддзя, так і ў яго канцы. Аўтары звязваюць вобраз Пагоні з надзеяй на адраджэнне, з абаронай ад здрадніцтва, з гордасцю беларускай мінуўшчыны. А. Вольскі гэты вобраз узводзіць да філасофскага ўзроўню.

Адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча “Вянок” натхніў іншых паэтаў на пераасэнсаванне гэтага вобраза таксама. У В. Віткі верш так і называецца – “Вянок”. Вянок разумеецца як збор кветак-вершаў, і як адзнака паэта (лаўровы вянок), і як вянок прызнання, і як сімвал пакуты для самога паэта і яго краю.

Яшчэ адным вядомым вобразам багдановічаўскай паэзіі стала зорка Венера. Ён назаўсёды звязаў сваё імя з гэтым нябесным свяцілам дзякуючы рамансу з аднайменнай назвай. Такім чынам, зорка Венера сімвалізуе зорку яго душы, з’яўляецца сімвалам вечнасці і неўміручага святла.

Вобраз Страціма-лебедзя зліўся з вобразам самога паэта. Таму і пішуць пісьменнікі: “Не знаў, што песня Лебедзя стане // Тваёю песняю лебядзінаю. // Што ёсць, што яны засталіся, нашчадкі, // Страціме-лебедзю, па табе”, “А ў ім – трапеча крыло Страцімава…” (М. Львовіч), “Страцім-лебедзь – як здань вышыні…” (В. Кустава). Вышыня памкненняў паэта і тое, што ён не пакінуў нашчадкаў – вось кропкі судакранання паміж М. Багдановічам вобразам Страціма-лебедзя.