Вобраз Максіма Багдановіча у лірычных творах

"Юнак" i "Лебедзь"

Другое, на што звярнулася наша ўвага, гэта шматлікія звароткі ў вершах. Ёсць вершы, цалкам пабудаваныя на зваротках. Шматлікія звароткі яшчэ раз пацвярджаюць нашу думку пра тое, што Максім Багдановіч блізкі іншым паэтам, яны апелююць да яго асобы з пытаннямі, просьбамі, прабачэннямі. Зваротак вельмі набліжае да адрасата, акцэнтуе на ім увагу. Некаторыя звароткі носяць апісальны характар, яны быццам малююць буйнымі штрыхамі партрэт Багдановіча вачамі беларускіх паэтаў: юнак, змагар, лебедзь, пясняр, волат, прарок, мудры продак, шаноўны чалавек, сакольнік роднага слова, сын роднай зямлі. Аўтары вядуць размову з Багдановічам, чэрпаючы сілу і натхненне ў яго лёсе і творчасці, імкнучыся адгадаць яго загадку, паказваючы, што для іх ён усё яшчэ жывы.