Вобраз Максіма Багдановіча у лірычных творах

Якi ж вынiк?

Прааналізаваўшы 91 верш 80-ці аўтараў, абапіраючыся на матывы і тропы, мы зрабілі спробу “намаляваць” зборны “партрэт” Максіма Багдановіча. У выніку атрымалася наступная “карціна”:

1. Максім Багдановіч сваёй неардынарнай асобай, трагічнасцю лёсу і выкрышталізаванасцю творчай спадчыны надаў такі імпульс развіццю беларускай літаратуры, што і праз гады яго асоба і творчасць натхняе розумы і душы іншых пісьменнікаў.

2. Большая частка аўтараў звяртаецца да паэта напрамую, выкарыстоўваючы займеннік “ты” і шматлікія звароткі, што гаворыць пра адчуванне надзвычайнай блізасці да паэта, жаданне натхніцца яго духам, творчасцю, атрымаць падказку, параду і інш.

3. Звароткі ўказваюць на надзвычайную павагу да паэта, а таксама дапамагаюць нам скласці па крупінках яго вобраз: сына сваёй зямлі, мудрага песняра і прарока, змагара за свабоду, прыгожай птушкі лебедзя, юнака і выгнанніка і г.д.

4. У 15 % верашаў ёсць прамое або ўскоснае ўказанне на бяссмерце паэта. І сам факт нашага даследавання і значнай колькасці матэрыялу для яго сведчыць аб гэтым таксама.

5. У словах-характарыстыках і параўнаннях знайшлі свой адбітак асноўныя вехі жыцця і творчасці М. Багдановіча: яго пакутніцтва, юнасць, адзінота, вышыня ідэалаў і памкненняў, дух адраджэння беларускасці, незвычайнай душы і адпаведна вачэй, позірку.

6. Агульны настрой вершаў трагічны, журботны, што звязана з няпростым лёсам і заўчаснай смерцю (па маркаванні большасці) паэта.

7. Вобразы паэзіі Багдановіча плаўна перайшлі ў вершы аб ім. Пагоня, вянок, васілёк, зорка Венера, Страцім-лебедзь сапраўды сталі сімвалічнымі як для паэзіі Багдановіча, так і для ўсёй паслябагдановічаўскай беларускай лірыкі.

8. Каля 10 % вершаў прысвечаны магіле паэта, месцу яго пахавання і помніку. Матывы тут вельмі падобныя, асабліва часта сустракаецца матыў кіпарыса. Аўтарская фантазія сягае далёка за межы рэальнасці, і нараджаюцца творы, у якіх сустракаецца жывы Максім-пілігрым або яго цень, які блукае па Траецкім прадмесці ці ля касцёла св. Ганны.

9. Сярод 90 вершаў, прысвечаных Багдановічу, мы налічылі 5 трыялетаў, 3 акравершы і 3 санеты, што сведчыць пра перайманне традыцый, закладзеных у беларускай літаратуры самім М. Багдановічам. Яго справа жыве.

І ўсё ж дакладна сказаць, чаму менавіта Багдановічу прысвячаюць столькі вершаў, цяжка. Мы ж толькі дакрануліся да гэтай вялікай загадкі. Кажучы словамі С. Панізніка, гэта “толькі … спроба зарыентавацца ў магутнай творчай плыні, якую спарадзіла шчырая любоў да Паэта” [2, 8].