Вобраз Максіма Багдановіча у лірычных творах

"Ты" i "Тваё"

Першае, на што мы звярнулі ўвагу пры чытанні і аналізе вершаў, гэта займеннікі “ты” і “твой” у розных формах, якія ўжываюцца надзвычай часта. У 15 вершах сустракаецца займеннік ён, у 9-ці – прозвішча паэта, у 6-ці – толькі яго імя, яшчэ ў 4-х – найменне “паэт”, прычым у большасці з іх яно пішацца з вялікай літары. І толькі ў адным вершы да Багдановіча аўтар звяртаецца на “Вы” . А тры вершы ўвогуле напісаны ад імя паэта.

Перавага займенніка “ты” крыху здзіўляе. У чым могуць палягаць яе прычыны? Магчыма, у маладосці паэта? Наўрад ці справа палягае ў нявыхаванасці нашых пісьменнікаў. Тым больш што ў некаторых вершах займеннік “Ты” пішацца з вялікай літары. Хутчэй за ўсё, аўтары адчуваюць вельмі цесную сувязь з Максімам Багдановічам, лічачы яго “сваім” настолькі, што звяртаюцца да яго, як да блізкага сябра, дарадцы або як да даўно знаёмага чалавека. Яны з ім вядуць дыялог, задаюць пытанні, просяць аб нечым, дзякуюць яму, спадзяюцца на яго, дзеляцца сваім болем.